ХЕРСО́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на Пд Украіны; абмываецца Чорным і Азоўскім морамі. Утворана 30.3.1944. Пл. 28,5 тыс. км². Нас. 1210 тыс. чал. (2001), гарадскога 60%. Цэнтр — г. Херсон. Найб. гарады: Кахоўка, Новая Кахоўка, Генічаск, Скадоўск, Берыслаў.

Берагавая лінія парэзана залівамі і ліманамі (Дняпроўскі ліман, Сіваш, Ягарлыцкі, Тэндраўскі, Джарылгацкі залівы). Шмат астравоў. Уздоўж узбярэжжа распасціраюцца косы: Тэндраўская, Кінбурнская, Арабацкая Стрэлка. Большая ч. тэр. ў межах Прычарнаморскай нізіны (выш. каля 100 м). Паверхня парэзана далінамі рэк, ярамі. Карысныя выкапні: мінер. буд. матэрыялы (пясок, гліна, вапнякі), солі Сіваша, торф, лекавыя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 да -5 °C, ліп. 21—23 °C. Ападкаў 300—400 мм за год. Гал. рака — Дняпро. Кахоўскае вадасховішча. Глебы на Пн чарназёмныя, на Пд — цёмна-каштанавыя і каштанавыя. Стэпы пераважна разараныя, невял. ўчасткі дрэвава-хмызняковай расліннасці. Запаведнікі Асканія-Нова і Чарнаморскі; Азова-Сівашская запаведна-паляўнічая гаспадарка.

Х.в. — індустр.-агр. рэгіён. Развіты машынабудаванне і металаапрацоўка (судны, суднарамонт, камбайны, карданныя валы, электразварачнае абсталяванне, электрарухавікі), электраэнергетыка (Кахоўская ГЭС і Херсонская ЦЭЦ), нафтаперапр., дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, лёгкая (баваўняная, швейная, гарбарна-абутковая), харч. (кансервавая, мясная, малочная, масласыраробная, алейная, рыбная) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка шматгаліновая. Пасяўныя пл. займаюць 1277 тыс. га (2000), каля ​1/3 арашаецца. Кахоўская арашальная і Інгулецкая арашальна-абвадняльная сістэмы, Паўн.-Крымскі канал. Пераважаюць (56% пл.) збожжавыя культуры: пшаніца, кукуруза, ячмень, зернебабовыя, рыс, проса; з тэхн. культур (18% пл.) — сланечнік, клешчавіна; з кармавых (19% пл.) — кукуруза, люцэрна, караняплоды. Бульбаводства. На паліўных землях — агародніцтва, бахчаводства. Пладаводства (яблыкі, грушы, айва, чарэшні). Вінаградарства. Асн. галіны жывёлагадоўлі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна- і птушкагадоўля, танкарунная авечкагадоўля. Шаўкаводства. Рыбалоўства на Чорным і Азоўскім м., рэках Дняпро і Інгулец. Даўж. чыгункі 456 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 5 тыс. км. Гал. чыгункі: Херсон—Днепрапятроўск, Херсон—Джанкой—Сімферопаль, Херсон—Мікалаеў, аўтамагістраль Масква—Сімферопаль. Суднаходства па р. Дняпро. Марскія парты: Херсон, Скадоўск, Генічаск. Па тэр. Х.в. праходзяць аміякаправод Тальяці—Адэса, газаправод Шабялінка—Адэса, нафтаправод Крамянчуг—Херсон. Курорты: Голая Прыстань, Скадоўск; курортная мясцовасць — Арабацкая Стрэлка.

т. 17, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)